О́РДЭН РЫ́ЦАРАЎ ПРА́ЦЫ, Высакародны ордэн рыцараў працы (The Noble Order of Knights of Labor),

масавая арг-цыя рабочых ЗША у апошняй трэці 19 ст. Засн. ў 1869 у г. Філадэльфія краўцом У.Стэфенсам, да 1878 дзейнічаў тайна. Меў складаны рытуал і абрады. Аб’ядноўваў гал. чынам некваліфікаваных рабочых розных прафесій і некаторыя інш. катэгорыі працоўных. Мэта — стварэнне вытв. кааператываў, арг-цыя ўзаемадапамогі працоўных, барацьба за лепшыя ўмовы працы. Легалізацыя О.р.п. спрыяла яго ператварэнню ў найб. ўплывовую арг-цыю рабочых ЗША (700 тыс. членаў у 1886). Да 1886 ордэн правёў шэраг паспяховых забастовак, у далейшым яго кіраўніцтва на чале з Т.В.Паўдэрлі выступала за мірныя спосабы вырашэння прац. спрэчак. З канца 1880-х г. уплыў і колькасць членаў О.р.п. няўхільна скарачаліся, у канцы 1890-х г. ён распаўся.

т. 11, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)